Аркуш прэзентаваў “Брызгалаўку” ў Еўрапейскім клубе

Чарговая сустрэча адбылася 23 красавіка ў Еўрапейскім клубе ў Віцебску. Досведам стварэння культурніцкага дыскурсу ў рэгіянальных гарадах дзяліўся з прысутнымі вядомы полацкі пісьменнік і журналіст Алесь Аркуш.
Алесь Аркуш у Віцебску. Фота Сержука Серабро

“Шмат якія нашы невялікія гарады не маюць такога своеасаблівага нацыянальнага дыскурсу, міту, які, напрыклад, ёсць у Полацка... Возьмем тое ж Жодзіна (радзіма пісьменніка – заўв. К.П.) – “БелАЗ” ды “Тарпеда” Жодзіна. А што уяўляе горад у культурным плане? Анічога. І вось гэта тая глеба, на якой трэба працаваць, працаваць і працаваць.... Усё можна стварыць. І ўсё залежыць ад канкрэтных людзей”, – мяркуе Алесь Аркуш.

Калі казаць пра Віцебск, дык на ягоную думку, “гарадскі міт Віцебска не сфармаваны як нацыянальны, ён не мае сваёй дамінанты, разбэрсаны”. Сабраць і сфармаваць яго – справа пісьменнікаў. Як прыклад дзейнасці ў гэтым накірунку выступоўца прывёў творчыя пошукі маладога віцебскага пісьменніка і перакладчыка Арцёма Арашонка. Што праўда, сам Арашонак, які таксама меўся выказацца па тэме, так і не растлумачыў слухачам, якім жа чынам яго апошняя кніга “Суткі без цябе” стварае “культурніцкі ландшафт” у Віцебску...

Арцём Арашонак глядзіць на Аркуша. Віцебск. Фота Сержука Серабро

Алесь Аркуш распавёў таксама, як паўставала ў 1993 годзе Таварыства Вольных Літаратараў, як выдаваліся першыя нумары часопісу “Калосьсе”, як Полацак ствараў нацыянальны міт пра сябе. І як гэта ж самае, дзякуючы новай кніжцы пісьменніка “Брызгалаўка”, якую ён прэзентаваў на сустрэчы, робіць цяперака Жодзіна.

На жаль, па розных прычынах да Віцебска не дабраліся паэт Віталь Рыжкоў і выдавец “Брызгалаўкі” Аляксандра Дынько, якія таксама меліся браць удзел у сустрэчы. Не прысутнічаў на ёй і старшыня абласнога аддзялення Саюзу Беларускіх пісьменнікаў Франц Сіўко.

Шмат хто пасля сустрэчы выходзіў з Еўрапейскага клубу з “Брызгалаўкай” пад мышкай ды “Калосьсем” у руках. Зразумела, з аўтографам самога Аркуша.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ