На Віцебшчыне адраджаюць сакаліныя паляванні

Віцебскае абласное аддзяленне РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” плануе першымі ў краіне арганізаваць сакаліныя паляванні на зайцоў ды качак.
Фестываль «Сакалінае паляванне», Рэдынг, Англія

Пра гэта карэспандэнту ННВ паведаміў старшыня абласной арганізацыйнай структуры БТПР Ігар Шульган:

— Пакуль што затрымка з сокаламі. Мы ставілі пасткі на сакаліх і летась, але недзе пралічыліся. Думаю, што сёлета мы здабудзем прыдатных лоўчых птушак і, калі ўсё будзе добра, у 2010 годзе зладзім першыя сакаліныя паляванні”.— Па словах суразмоўцы ННВ, у Беларусі няма пакуль што зарэгістраваных паляўнічых, якія палююць з лоўчымі птушкамі.

У планах аддзялення таксама давесці да ладу рыбалоўную базу на возеры Лосвіда, якім на правах арэнды валодае зараз БТПР. У гэтым годзе плануюць набыць катамараны ды пабудаваць лазню.

Да таго ж Ігар Шульган абяцае, што ў 2009 годзе ў Віцебску з’явіцца новая крама “Паляўнічы і рыбалоў”. Нагадаем, што культавы віцебскі магазін “Охотник и рыболов”, у якім можна было набыць усё — ад лёскі да аўтамата калашнікава, быў зачынены ў 2007 годзе.

Крэатыўнасць новага кіраўніка абласнога аддзялення БТПР (да 2007 года Ігар Шульган быў начальнікам РАУС Чыгуначнага раёна г. Віцебска) уражвае. Гэтак ён, (што праўда – паўжартам) марыць стварыць у лесе адмысловыя ўчасткі для зняцця стрэсу для начальнікаў ды проста нярвовых людзей. “Будзем запрашаць начальнікаў, каб яны проста пакрычалі ў лесе на ўсё горла, каб пагарлапанілі — ды супаколіся. Бо лес супакойвае. Але будзем браць за гэта грошы”, — кажа паляўнічы. Ідэя, трэба сказаць, неблагая...

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ