Кірмаш і Канстытуцыя

Артыст з гонарам не любіць, каб у час яго выступу прысутныя нешта спажывалі, тым больш багата заліваючы тое алкаголем. У Віцебску ж выканаўцаў з маладосці прывучаюць, што глядач можа не толькі спажываць, але і стяць у чарзе па кілбасу ды рыбу.

Ледзь не штовыходныя віцебскія ўлады ладзяць на плошчы Свабоды "кирмаши". З раніцы і да абеда там можна папіць піўка завода "Криница" альбо набыць яйкі гандлёвай маркі "Ганна" (нажаль, правапіс не перадае ўсё багацьце вымаўлення гэтага брэнду). Можна нават пазнаёміцца з той-сёй культурніцкай праграмай мясцовых калектываў – напрыклад, "Сябровство".

Расклад моцна не змяняецца ад кірмаша да кірмаша, хіба што на афіцыйныя святы "сябровствуют" паактыўней, чым пад час звычайнага распродажу сельскагаспадарчых тавараў. Апошняй нагодай для падобнага свята цела і душы стаў дзень Канстытуцыі.

"Эй, друг, станем в круг, защитим планету!" – заклікала ўсіх прысутных праз песню "Голубая планета" дзіцячая студыя "Серпантин". Пасля выступу памяркоўных пацыфістаў маладая вакалістка Крысціна Раманава выпытвала ў тых, хто навокал: "Где же наша любовь, как найти её вновь?". Анастасія Волкава таксама прайшлася па любоўнай лірыцы, да глыбіні душы крануўшы ўсіх, хто быў на плошчы песьняй "Апошняя сляза". Каб надаваць дзеянню хоць трошкі дзяржаўнага пафасу, дзіцячыя выкананні перамяжоўваліся пракламацыямі нябачнага канферансье, які тлумачыў святочны настрой электарату, найперш, "мірным небам над нашай галовой". Нядзельнае неба было пахмурным, дый наўрадці яно магло стацца прычынай радасці для пятнаццаці чалавек перад сцэнай.

Не ўпэўнены, ці жыўцом спявалі дзеткі, бо нягледзячы на тое, што праграма паўтарылася па колу разы тры-чатыры, "Голубая планета" выконвалася надзвычай бадзёра нават у апошні раз. Канферансье ж дакладна быў жывы, хоць і нябачны, бо ўжо пасля першага кола агітпрасветы галасок пайшоў хрыпатцой... А дзеці спявалі голасна, кульмінацыйным творам у кожным коле была "Мая Беларусь", якая, як і ўсе астатнія песні, выконвалася ўсё для тых жа пятнаццаці чалавек. У тры разы больш народу стаяла трохі далей у чарзе да "мазіка" з надпісам "Магазин "Ольговский", яшчэ столькі ж жыхароў "маёй Беларусі" резмеркавалася па іншых лаўках, астатнія знаёміліся з "Криницай". Каб хтосьці, крый божа, не забыўся на нагоду чарговага кірмаша, на экране за сцэнай мільгацела флэшавая застаўка з чырвона-зялёным сцягам і тэкстам: "15 марта – День Конституции Республики Беларусь". Застаўка пастаянна "падвісала", а разам зь ёй падвісала і пытаньне – каму на свята 15 сакавіка патрэбная такая культура?

Чытайце яшчэ