У Браславе новы аўтавакзал заменіць стары, пабудаваны яшчэ “за палякамі”

У Браславе пачаліся працы па ўзвядзенню новага будынку аўтастанцыі. Новы аўтавакзал паўстане на месцы нядаўна зруйнаванага старога будынку, які быў пабудаваны яшчэ “за палякамі” і ледзь ліпеў на беразе Дрывятаў.

Як паведаміў намеснік старшыні па пытаннях будаўніцтва, архітэктуры і ЖКГ Браслаўскага райвыканкаму Міхаіл Малаток, агульны кошт праекту складае 2,5 мільярды рублёў. Калі не будзе праблем з фінансаваннем, дык новы аўтавакзал паўстане яшчэ да канца 2009 года. Рэальная ж дата адкрыцця вакзала прыпадзе найхутчэй на першую палову 2010 года, бо ўжо зараз ёсць цяжкасці з выплатамі.

Заказчыкам праекту з’яўляецца прадпрыемства “Аблаўтатранс”, ажыццяўляе будаўніцтва Браслаўская ПМК-42. На сёння на будпляцоўцы заканчваюцца працы па ўзвядзенню фундаменту. Дырэктар прадпрыемства-падрадчыка Алег Сямёнычаў адзначыў, што ў выніку гэта будзе сучасны будынак са шкла і металу - “вакзал будзе нечым падобны на Докшыцкі, але больш выкшталцоны і сучасны...”

Міхаіл Малаток таксама лічыць, што новы аўтавакзал стане сапраўднай аздобай азёрна-курортнага горадку.

Адно што пасажыры падчас будаўніцтва будуць мець пэўныя нязручнасці, бо часовая аўтастанцыя знаходзіцца зараз на ўскрайку горада. Аднак наўрад ці хоць адзін з іх будзе пакутаваць на настальгію па былой аўтастанцыі - з печкай, пафарбаванай срэбнай фарбай, усярэдзіне і драўляным клазетам з чатырма дзюркамі за аўтапляцоўкай, які ўзгадваўся ў кашмарных снах грэблівых прыбалтыйскіх “інтурыстаў”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ