Барыс Хамайда: Яну Палякову забіла наша агульная абыякавасць і адсутнасць салідарнасці

З інтэрнэту даведаўся пра заўчасную смерць Яны Паляковай – праваабаронцы з Салігорску. Наведвальнікі сайтаў шукаюць вінаватых, абменьваюцца думкамі. А сапраўды, хто вінаваты? Так званы “независимый” суд, участковы Пугачоў, галоўны рэдактар “соўбеліі” Павел Якубовіч? Хто яшчэ?

Я прысеў на канапу, задумаўся. І праз пэўны час прыйшоў да высновы: Яну Палякову забіла наша агульная абыякавасць і адсутнасць салідарнасці. І гэта не першы выпадак здрады.

У лістападзе 1996 года мы кінулі на згвалтаванне злачыннай зграі легітымную Канстытуцыю 1994 года, прынятую законным Вярхоўным Саветам 12-го склікання. Першая дэмакратычная Канстытуцыя звала на дапамогу. Але мы схаваліся ў хатах, каб не чуць гэтых крыкаў. Уторкнулі твары ў тэлескрыні, каб не прыслухоўвацца да ўласнага сумлення. У нашых асобных камерах-клетках хрушчоўскага тыпу было цёпла і ўтульна. У крамах было шмат “чарнобыльскай” каўбасы і таннага “чарніла”. А тое, што адбываецца на вуліцы, нас не кранала.

Ведаеце, чаму памерла Яна Палякова? Яна не вытрымала здзеку над Яго Вялікасцю Законам. Для кожнага сумленнага юрыста Канстытуцыя і Закон — як для верніка Біблія. Для Яны, якая не мела сям’і, Закон быў адзіным апірышчам у жыцці. Рэжым прадэманстраваў ёй уласны пастулат: асобны чалавек — нуль і любы Закон — нішто. Яна жахнулася і парвала тонкую нітку паміж жыццём і смерцю. Побач нікога не было. Штатныя “плакальшчыкі” з’явіліся потым.

Сёння гаруе аб смерці Яны наша жывая легітымная Кастытуцыя 1994 года, бо страціла яшчэ аднаго свайго паслядоўнага прыхільніка.

На мой погляд, змаганне за вяртанне краіны ў канстытуцыйнае рэчышча і было б лепшым помнікам Яне Паляковай.

* * *

Што рабіць далей? Я паўтару тое, што казаў і 10, і 5 гадоў таму. Ніякага супрацоўніцтва са злачынным рэжымам. Ніякага ўдзелу ў выбарчых прафанацыях. Ужо гучаць меркаванні пэўнай публікі пра магчымых дэмакратычных кандыдатаў у 2011 годзе. Тэатру аднаго акцёра спатрэбіліся статысты? Хай гэта застаецца праблемай улады і яе халуёў. Мы ж павінны ведаць: пакуль існуе гэтая хунта, сапраўдных выбараў у нас не будзе.

Наша лобнае месца — плошча Каліноўскага. Гэтае месца сустрэчы змяніць нельга. У кожным горадзе альбо раённым цэнтры ёсць свая Плошча Каліноўскага. Чыя першай грымне і паўстане на ўвесь рост, ведае толькі Гасподзь Бог. Але рыхтавацца трэба загадзя.

Я ўжо прадчуваю з’едлівае пытанне: а колькі там у вас дывізіяў, каб у такім тоне размаўляць з уладай? Мы ім пакажам колькасць нашых дывізіяў. Ад гэтай лічбы ў іх пацямнее ў вачах.

Як у сярэднявеччы на рыцарскім турніры мы сыдземся на Плошчы Каліноўскага, каб паквітацца за ўсіх прыніжаных і абражаных, падманутых і затурканых, за ўсіх хто знік ці сышоў заўчасна.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ