Лекары душы і цела аб’ядналіся ў барацьбе супраць ВІЧ

У Віцебску праходзяць дні «Духоўнасць і навука супраць ВІЧ/СНІДу». Навукоўцы, святары і медыкі выступаюць адзіным фронтам супраць чумы XXI стагоддзя.

1 сакавіка ў віцебскім касцёле Святога Духу аб неабходнасці моцнай повязі духоўнага і фізічнага як надзейнага шчыта супраць невылечнай хваробы даведаліся замежныя студэнты-каталікі з Індыі ды Шры-Ланкі. Менавіта аб гэтым ішла гаворка ў дакладзе кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры інфекцыйных захворванняў Віцебскага медуніверсітэту Івана Жыльцова, які прамаўляў да слухачоў па-англійску.

“Гэтая сустрэча мае вялікае значэнне, бо менавіта ў гэтых краінах – Індыі і Шры-Ланке, праблема СНІДу вельмі актуальная”, – падкрэсліў вікарый парафіі Святога Духу, ксёндз Аляксандр Сапель. Дарэчы, усіх сваіх парафіянаў з Паўднёвай Азіі святар ведае ў твар, бо менавіта ён штотыдзень праводзіць для іх англійскамоўныя імшы ў касцёле.

Мерапрыемствы дзён «Духоўнасць і навука супраць ВІЧ/СНІДу» пройдуць таксама ў парафіях Воршы, Глыбокага ды іншых гарадах і мястэчках вобласці. Фінальным акордам праекту станецца правядзенне V-й міжнароднай навукова-медыцынскай канферэнцыі “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце”, якая адбудзецца напрыканцы траўня.

Дні «Духоўнасць і навука супраць ВІЧ/СНІДу» ладзіць Віцебская дыяцэзія рыма-каталіцкай царквы сумесна з навукоўцамі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта ордэна «Дружбы народаў» (кафедра інфекцыйных захворванняў) і ВДУ імя П. М. Машэрава (кафедра анатоміі, фізіялогіі і валіялогіі), а таксама ўрачамі Віцебскага абласнога клінічнага шпіталю і абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ