У Віцебску прайшоў другі адборачны тур “No Logo Fest”-у

17 студзеня на сцэне віцебскага клуба “Зебра” прайшоў другі этап “No Logo Fest”-у. Гэты фэст для развіцця віцебскіх рок-гуртоў праводзіцца “No Logo Promo” пры падтрымцы “Народных навінаў Віцебску” і кампаніі “Будзьма”. Першы яго этап прайшоў ў канцы жніўня ў межах адкрыцця канцэртнага сезону “No Logo”. Па яго выніках у фінал былі абраны каманды: “South Band”, “Chi Wanga”, “HEIF”, “КВ” і “Сага”.

На другім этапе сваё майстэрства прадэманстравалі гурты: “Как-band”, “Вар’ят”, “Клема”, “Minas Morgul”, “Shit Happens”, “Jenowa” і “FilaDelfia”. Ацаніць іх былі запрошаныя: А. Качанаў (гурт “Фляўс і Кляйнн”), А. Дамарод (гурт “Скімэн”, “Mozart-promo”), А. Ціханаў (“Osimira”), Максім 3t.ON, Р. Карпаў (гурт “#####”).

Пачынаў канцэрт гурт “Как-band”. Галоўнае ўражанне – маладыя выканаўцы добра адчуваюць тэндэнцыі, якія могуць прывесці да поспеху. Гэтакія віцебскія панк-маўзеры скакалі вышэй галавы, махалі мікрафонам, але… ці то праз нявопытнасць і маладосць, ці то праз не да канца сфармуляваныя мэтавыя арыенціры так і не атрымалася ў іх ашаламіць публіку. Думаю, гурту проста трэба вызначыцца з пытаннем “Мы должны быть скандальными” ці “Мы будзем скандальнымі”. А адсюль ужо два сцэнары развіцця падзеяў. У гэты ж вечар хлопцы далі добры старт фэсту і стварылі вясёлую атмасферу ад самага пачатку вечара, што было так да месца з улікам наступных гуртоў.

Гурт “Вар’ят” першы раз прыняў удзел у канцэртах “No Logo”. Непасрэдна для мяне іх выступ стаў своеасаблівым адкрыццём. З творчасцю гэтага гурта я пазнаёмілася некалькі гадоў таму. Але менавіта ў гэты вечар па-новаму ўбачыла іх і пачула. Музыка відавочна пацяжэла, стала менш вакалу і больш гітарных партый. Усё гэта разам адлюстроўвае новы этап у творчасці гурта, які яскрава паказвае, што ўсе мы сталеем, удасканальваемся.
Але вось што сапраўды не спадабалася, дык гэта: 1) першай кампазіцыі катастрафічна не хапіла энергетычна-лагічнай кропкі, ды і тэхнічнай таксама не хапіла; 2) “За нас не нужно голосовать, не голосуйте за нас!”,— адразу сустрэчнае пытанне: “Навошта вы ўдзельнічаеце ў фесце=конкурсе?” “Мы просто хотим поиграть, выступить и всё”. Ці мала No Logo праводзіць канцэртаў не ў межах фэсту? Шмат можна разважаць на гэту тэму, але галоўнае застанецца нязменным – гэта было непрыгожа і не да месца.

На выступе наступных двух гуртоў цікавасць да таго, што адбываецца навокал ўвогуле знікла. “Клема” запомнілася вялікай колькасцю чалавек на сцэне і тым, што “сильное в нашей группе – это саксофон и женский вокал”. І калі саксафон часам прарываўся, то жаночага вакалу так ніхто і не пачуў. Пра індывідуальнасць і непаўторны твар гурта паразважаць і хацелася б, але… не прыходзіцца. “Minas Morgul” акрамя доўгіх наладак і скандуючай групы падтрымкі нічым не ўразілі. Адзіны запіс ў нататніку: “хочацца сысці…”

Прачынаюся толькі тады, калі на сцэне ўжо “Shit Happens”. Казаць пра нейкі эмацыянальны выбух не прыходзіцца, але за што падабаецца мне гэты гурт, дык гэта за арганічна зладжаныя прадуманыя моцныя кампазіцыі і за тое, што самі музыкі пад час выступу – артыстычныя і жывыя.

Доўга чакала выступу “Jenowa”, бо пасля вяртання іх на сцэну ўсё не выпадала іх паслухаць. І першае, што прывяло мяне ў шок — неналаджаная апаратура. Так наіўна скардзіцца на “зебраўскі” гук на зборных канцэртах, але… неналаджаны мікрафон у спявачкі гэтага гурта — сорам гукачам.

Тым часам, як “Jenowa” спрабавала пераадолець тэхнічныя цяжкасці лірычнымі адступленнямі, публіка амаль не ўспрымала ў большасці сваёй гурт і нават пераглушала яго. Сумна. Патэнцыял гэтага калектыву, яго магчымасці і прадстаўленыя ўмовы на столькі далёкія адно ад аднаго. Яны вартыя большага. Гэта датычыцца і залы, і гука, і аўдыторыі.

Яшчэ адна каманда з жаночым вакалам завяршала конкурсную праграму. “FilaDelfia” – такія непадобныя на папярэдні гурт, яны сказалі сваё заключнае слова – упэўнена і моцна – і сышлі.

Пасля гэтага выступу распачалося галасаванне на “Прыз глядацкіх сімпатый”, а на сцэне з’явіліся магілёўскія “3t.ON”. Выступ хэдлайнераў на жаль не суправаджаўся асаблівым авангардам у залі. Асобныя аматары з апошніх сілаў яшчэ спрабавалі падтрымаць гасцей, але ўвогуле склалася жудасна непрыгожая карцінка, калі чатыры магіляўчаніны на сцэне былі больш жывыя, чым усе, хто застаўся ў залі, разам. Але ж справа не ў майстэрстве выступоўцаў, а ў перанасычанасці вечара. Рухі, эмоцыі, тэхніка, форма падачы матэрыялу, каментары да кожнай песні – усё разам – проста шыкоўна. Ад гэтага выступу непасрэдна ў мяне засталіся вельмі прыемныя ўражанні. І думкі пра тое, што “з выбарам headliner-аў “No Logo” не памыліліся” і “іх бы асобным канцэртам сюды...”

Вынікі конкурснай часткі былі абвешчаны адразу пасля выступу “3t.ON”. Журы абрала на фінал фэсту гурты “Jenowa”, “Shit Happens” і спецыяльны прыз — удзел у фінале атрымалі “Minas Morgul”. Прыз глядацкіх сімпатый з вынікам у 61 голас атрымаў гурт “Jenowa”.

Такой атрымалася “першая падзея альтэрнатыўнай культуры 2009 у Віцебску”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ