Вечар памяці акцёраў

Увечары 12 студзеня у Віцебску ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ўспаміналі тых, хто прысвяціў усё сваё жыццё служэнню Мельпамене на віцебскай сцэне. Тут адбыўся вечар памяці артыстаў-коласаўцаў.

Колькі яскравых, таленавітых артыстаў памятаюць гэтыя падмосткі! Для колькіх адданых сцэне на працягу доўгіх гадоў тэатр быў другім домам, дзе жывуць і паміраюць сур’ёзна! На жаль, іх ужо няма сярод нас: Генадзь Шкуратаў, Геральд Асвяцінскі, Сымон Кохан, Алесь Лабанок, Галіна Каралькова, Валерый Маслюк, Уладзімір Куляшоў, Баляслаў Сіўко, Аляксандр Харкевіч, Уладзімір Ганчароў, Акцябрына Мельдзюкова, Сяргей Казлоў, Мікалай Цішачкін, Алесь Брысь, Барыс Левін, Анатоль Трус, Анатоль Шэлег, Галіна Маркіна, Іосіф Матусевіч, Алена Радзілоўская, Аляксандр Ільінскі, Яніна Глебаўская, Яўген Нікалаеў, Мікалай Міцкевіч, Мікалай Звездачотаў, Марына Маркоўская… Для некоторых з іх – Зінаіды Канапелькі, Георгія Дубава, Барыса Крупскага, Яўгена Шыпілы – гэты тэатральны сезон юбілейны. Пра іх гаварылі асобна.

Зінаіда КАНАПЕЛЬКА прыйшла ў тэатр у 1934 годзе. Яна сыграла шмат жаночых лёсаў, але яе галоўнай роляй была роля Настачкі ў спектаклі “Несцерка”. Гэтую ролю З. Канапелька іграла на працягу 20 гадоў. На вечары разам з Зінаідай Канапелькай песню са спектакля “Несцерка” выканалі актрысы, якія ў свой час ігралі ролю Настачкі – Людміла Заграбельная, Святлана Жукоўская і Алена Сладкевіч (сучасная выканаўца Настачкі).

Георгія ДУБАВА калегі ўспаміналі як яскравага акцёра-коміка, фанатычна адданага сцэне, якога, нават, параўноўвалі з Качалавым. Барыса КРУПСКАГА – як чалавека тэатра, надзейнага сябра і калегу, акцёра маленькіх роляў, кожная з якіх запаміналася надоўга. Таццяна Ліхачова нават успомніла, як Барыс Крупскі выратаваў ёй жыццё, падхапіўшы яе, калі яна падала з чатырохмятровай вышыні. Яўген ШЫПІЛА застаўся ў памяці калег як балагур, жартаўнік, улюбёнец публікі.

На вечары гучалі жывыя ўспаміны акцёраў (і гледачоў!), песні, рамансы, вершы, былі прадстаўлены ўрыўкі са спектакляў.

Сцэнічная творчасць – нематэрыяльная каштоўнасць. Пасля сыхода артыстаў застаюцца не толькі скупыя радкі, рэцэнзіі і фотаздымкі, як гэта гучала з вуснаў вядучых вечара, але і нешта большае – любоў ў сэрцах многіх людзей. Усё ж такі на тое і створаны людзі, і нездарма ім дадзены духоўны свет. Творчасць любімых акцёраў жыве ў нашых думках, успамінах. Іх жыццё працягнецца, калі пра іх будуць памятаць гледачы і калегі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ