Пішы па-беларуску – атрымаеш прыз

Віцебская абласная рада ТБМ абвесціла агляд-конкурс сярод сродкаў масавай інфармацыі.

Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на старшыню рады Іосіфа Навумчыка, конкурс пад назвай “З беларускім словам” праводзіцца для таго, каб заахвоціць усе выданні да больш частага, а ў ідэале заўсёднага выкарыстання на сваіх старонках беларускай мовы і будзе праводзіцца са студзеня да 3 траўня 2009 года.
Да ўдзелу у конкурсе запрошаныя ўсе выданні – як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Паводле спадара Навумчыка, пры падсумаванні вынікаў асобна будзе ўлічана выкарыстанне беларускай мовы ў матэр’ялах штатных супрацоўнікаў рэдакцыі, а таксама ў публікацыях творчага характару, выступах афіцыйных асобаў, святароў і г.д., у віншавальных тэкстах і аб’явах.
Паводле маніторынгу віцебскай філіі ТБМ, сфера ўжытку беларускай мовы ў мясцовай прэсе звужаецца год ад году, а апошнім часам гэтая з’ява дасягнула крытычнага масштабу. Так, у абласных выданнях сустракаюцца адзінкавыя матэр’ялы на беларускай мове, а значная частка “раёнак” выходзіць спрэс на расейскай мове.
У склад журы конкурсу ўвайшлі сябры ТБМ, незалежныя журналісты, сябры Саюзу Беларускіх пісьменнікаў, паведамляе Радыё Свабода.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ