У Віцебску упершыню святкуюць мядовы Спас

У адным з самых маляўнічых куткоў Віцебска – на падворку Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне” – у гэтыя выходныя, 16-17 жніўня, упершыню праходзіць кірмаш “Мядовы Спас”. Натуральна, самае пачэснае месца на гэтым старажытным земляробчым свяце займаюць мёд і іншыя прадукты пчалярства.

Мёд, гэты бурштынавы ласунак, цячэ тут ракой. Гандляры з розных куткоў Віцебшчыны прапаноўваюць свой духмяны тавар з усмешкамі ды жартачкамі. Кожны нахвальвае менавіта свой гатунак, але й не замінае прадаваць мёд суседу. Сярэдні кошт – 15 тысяч рублёў за паўлітровы слоік. Пры мне самая вялікая чарга стаяла каля шапіка, дзе прадаваўся вельмі смачны манастырскі хлеб (з рознымі дадаткамі, напрыклад, з макам ці цыбуляй), а таксама гарбата і бальзамы на травах.

На кірмашы таксама можна набыць вырабы народных рамёстваў і промыслаў, творы самадзейных і прафесійных мастакоў, напрыклад, прыгожыя карціны, выкананыя майстрамі-фларыстамі. Тут жа праходзіць канцэрт артыстаў мастацкай самадзейнасці Віцебска.

Працяг свята заўтра, пачатак а 10-й, запрашаюцца ўсе жадаючыя. Арганізатар гэтага цікавага мерапрыемства – аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама.

Нагадаем, што ў жніўні адзначаюць тры Спасы. Першы, мядовы ці Спас на вадзе, прыпадае на 14 жніўня. Другі – яблычны ці Спас на гары, адзначаюць 19 жніўня, на свята Прэабражэння Гасподня. У гэты дзень у царкве асвячаюць плады дрэў – яблыкі, грушы, слівы і інш. Паколькі яблычны Спас прыходзіцца на Успенскі пост, то на стале павінны быць толькі посныя стравы. Трэці Спас – хлебны, арэхавы ці Спас на абрусе, святкуюць 29 жніўня. Арэхавы, бо да гэтага часу паспявалі арэхі. У гэты дзень нашы продкі пяклі хлеб з новага ўраджаю.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ