Фляўс і Кляйн

Наваполацкі гурт “Фляўс і Кляйн”, пераможцы “Басовішча-2007” і ўладальнікі рок-кароны ў намінацыі “прарыў году”, з 11 па 20 чэрвеня дадуць некалькі канцэртаў у Польшчы.
Фляўс і Кляйн. Фота Мікіты Змітрава

“Фляўс і Кляйн” вылучаюцца з шэрагу рок-гуртоў тым, што кожны свой выступ ператвараюць у яркае, незабыўнае шоу. Можна сказаць, што гэта гурт для гурманаў, якія перанасыціліся дасяжнай для разумення музыкай, для людзей, якія здольныя думаць нестандартна.

На гэты раз задавальненне ад наваполацкага шоу змогуць атрымаць жыхары суседняй Польшчы. Менавіта там музыкі выступяць на open-air фэсце «Minsk mixc-2008», які пройдзе 11-15 чэрвеня ў Варшаве ў рамках тыдня беларускай культуры і мастацтва.

Ці вераць “Фляўс і Кляйн” у прыкметы, пакажа канцэрт у пятніцу, 13 у варшаўскім клюбе “Гідразагадка”, дзе гурт выступае разам са “Сцяной” з Берасця. Ці будуць вершы-мантры Сяржука больш моцныя, чым “нешчаслівая” лічба 13? Некалькі выступаў гурт плянуе даць і ў Беластоку.

У перапынках паміж выступамі музыкі збіраюцца папрацаваць над новым матэрыялам на беластоцкай студыі “Рэмбрандт”. Як пераможцы фэсту “Басовішча-2007” яны маюць права на 40 гадзін бясплатнай работы ў студыі, якія плянуюць скарыстаць для запісу беларускамоўнага сінгла. Над перакладам расейскіх тэкстаў гурта працавала віцебская паэтка Ірына Барысевіч. Гукарэжысёрам запісу будзе “Жалезны Глеб” з Менску, вядомы па сваёй працы са шматлікімі беларускімі рок-гуртамі. Будзе запісана некалькі новых песень, у тым ліку ўжо гітовая “Партовая”. Па словах гітарыста гурта Аляксандра Качанава, новыя рэчы будуць крыху адрознівацца ад тых, што гурт граў раней, аднак застануцца ў тым жа музычным стылі -- Brit-rock.

Пасля тура па Польшчы “Фляўс і Кляйн” паедуць у Петразаводск, дзе возьмуць удзел у адным з самых прэстыжных расейскіх рок-фэстаў “Паветра”.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ