У Віцебску праходзіць выстава пінскага мастака Яўгена Шатохіна

У Віцебску ў музеі “Цэнтр сучаснага мастацтва” 25 красавіка адкрылася выстава Яўгена Шатохіна. Мастак з Пінска экспануе вялікую серыю графічных прац, а таксама цудоўную акварэль. Усе ягоныя працы прасякнуты любоўю да роднай Бацькаўшчыны і глыбокім веданнем яе гісторыка-культурнай спадчыны.

Краявіды Радзімы, храмы, беларускія вёсачкі, а таксама іхнія насельнікі адлюстраваны ў серыях “Восень у Заслаўе”, “Цішыня ў Бычках”, “Землякі Васіля Быкава”, “Жыхары вёскі Варацэвічы” і іншых. Мастаку таксама блізкія тэмы космасу і гістарычнага мінулага Беларусі – гэта можна ўбачыць у серыях “Блізкасць космасу”, “У памяць слуцкіх ваяроў”, “Была вайна”. Вялікую цікавасць уяўляе серыя “Творцы Беларусі”, у якой прадстаўлены партрэты вядомых мастакоў Алеся Марачкіна, Алеся Шатэрніка і паэта Рыгора Барадуліна. У экспазіцыю ўвайшлі і партрэты літаратурных герояў, на якія мастака натхніла апавяданне В.Быкава «На чырвоных лядах».

Як адзначыў дацэнт ВДУ ім.ПМашэрава, мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі, у Віцебску “упершыню можна ўбачыць вялікую выставу такой унікальнай графікі”. “Яўген Шатохін – адзін з буйнейшых і выразнейшых графікаў Беларусі. І гэта нягледзячы на тое, што сам ён увесь час гаворыць пра сябе: “Я мастак правінцыйны”. Дай Бог, каб такіх “правінцыйных” мастакоў паболей было ў сталіцы! Гэта майстар, які знайшоў сваю манеру. І гэта незвычайная манера, а таксама адметнае кампазіцыйнае мысленне адразу ж вылучаюць ягоныя творы. Мастак шмат вандруе, але трэба адзначыць: амаль усе ягоныя працы прысвечаны не замежным месцам, а прыгажосці роднай зямлі. Пры гэтым мастак самым найлепшым чынам прадстаўляе ў Еўропе мастацкую Беларусь”, – лічыць мастацтвазнаўца.

Сам аўтар на прэзентацыі экспазіцыі, якую, дарэчы, нядаўна ўбачылі жыхары Полацка, прызнаўся ў любві да Віцебшчыны і Віцебска і адзначыў, што ў гэтым рэгіёне ў яго шмат сяброў і што тут жывуць людзі, якія цудоўна ведаюць і цэняць мастацтва. “Для такіх гледачоў прыемна працаваць”, – сказаў мастак. Для параўнання ён прывёў такія лічбы: “За апошнія дзесяць гадоў на роднай Берасцейшчыне я правёў ўсяго толькі шэсць выстаў, а на Віцебшчыне – семнаццаць”.

Яўген Шатохін – сябра Беларускага саюза мастакоў з 1991 года. З 1988 года – заснавальнік і дырэктар Дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў Пінску. Праз дзевяць гадоў быў звольнены з пасады дырэктара па палітычных матывах. Меў судовы пераслед з боку ўладаў за сваю палітычную дзейнасць. У 2003 годзе стаў Ганаровым грамадзянінам горада Альберт (Францыя). Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.

Творы Я.Шатохіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Гісторыка-культурным музеі (Заслаўе), Музеі беларускага Палесся (Пінск), Музеі выратаваных каштоўнасцей (Брэст), Фондзе Міністэрства культуры Расіі (Масква), Фондзе Саюза мастакоў Украіны (Кіеў), музеі Яхтверф (Берлін) і іншых, а таксама ў прыватных калекцыях ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Ірландыі, Фінляндыі, Германіі, Францыі, Паўднёвай Афрыцы, Егіпце, ЗША і Расіі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ