Канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Віцебску

У Віцебскай абласной філармоніі 17 лютага адбудзецца канцэрт вядомага беларускага музыканта Зміцера Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra.

Зм.Вайцюшкевіч добра вядомы аматарам музыкі як экс-удзельнік легендарных гуртоў „Палац” і „Krivi”. Іграў першапланавыя ролі ў вядомых праектах „Народны альбом” і „Я нарадзіўся тут”. Напрыканцы мінулага года музыкант выпусціў чарговы альбом пад назвай “Лірыка”, які складаецца з песень на вершы Генадзя Бураўкіна. Гэтыя кампазіцыі пра жыццё і каханне, паводле ацэнкі самога Вайцюшкевіча, на 70% маюць “рокавае гучанне”. Новы альбом стаў дзесятым у творчасці Зміцера і выйшаў да 15-годдзя ягонай сцэнічнай дзейнасці.

Вайцюшкевіч лічыць, што “у нас не шмат паэтаў, якія пісалі б падыходзячыя тэксты”. І, згодна з гэтай “сваёй высокай планкай”, стварае музыку толькі на вершы мэтраў паэзіі, такіх як Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Рыгор Барадулін, Алесь Камоцкі, Уладзімір Маякоўскі... Мэту сваёй творчасці Вайцюшкевіч вызначае так: “Я хачу, каб беларуская мова і песня былі сучаснымі і якаснымі, каб гэта была фарматная музыка”.

“Быць беларусам не азначае аўтаматычнае непрыняцце іншых культур, у тым ліку расійскай. Наш аркестр называецца “WZ-Orkiestra”. Па-польску “W” – “wschod”, усход, “Z” – “zachod”, захад. Мы адкрытыя ўсім”. Так, Зміцер спяваў “Бывайце здаровы” па-італьянску, збіраецца заняцца запісам спеваў на словы шведскіх паэтаў, неўзабаве плануе адправіцца ў Японію з праектам “Месяц і Сонца”. Там беларускі музыкант дасць некалькі канцэртаў, дзе выканае японскія песні ў перакладах на беларускую мову, а адну кампазіцыю – песню пра маці – праспявае па-японску.

Якія ж сюрпрызы падрыхтаваў Вайцюшкевіч для сваіх віцебскіх прыхільнікаў, можна будзе даведацца ў нядзелю. Пачатак канцэрта а 17-ай гадзіне.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ