За сустрэчу з Мілінкевічам выказалася 500 віцеблян

Аляксандр Мілінкевіч думае пра Беларусь. Фота Сержука СераброЖыхары Віцебска чакаюць сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, якая мае адбыцца 22-га лютага ў памяшканні кінатэатра "Мір". Аднак, чыноўнікі пачалі ціск на тых, хто хоча сустрэцца з лідэрам Руху “За Свабоду”.

Заяўка на правядзенне гэтай сустрэчы была пададзена ў Віцебскі гарвыканкам 15-га студзеня. У падтрымку заяўнікаў на сённяшні дзень выказаліся больш за 500 жыхароў Віцебска, пра гэта паведамляе сайт Аляксандра Мілінкевіча.

Мясцовыя чыноўнікі пачалі ціск на грамадзян, якія на імя старшыні гарвыканкама накіравалі лісты ў падтрымку правядзенне сустрэчы з Мілінкевічам. Супрацоўнікі выканкама тэлефануюць жыхарам і распытваюць іх пра сапраўднасць подпісаў. Некаторых людзей выклікаюць у выканкам і прымушаюць адмаўляцца ад сваіх лістоў.

Шмат хто па сваёй ініцыятыве прыходзіць у ідэалагічны аддзел гарвыканкама, каб выказаць абурэнне ціскам на людзей і спробай сарваць сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам. Адзін з заяўнікаў сустрэчы Хрыстафор Жэляпаў адзначыў, што сустрэча віцеблян з Мілінкевічам 22-га лютага адбудзецца ў любым выпадку.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ