Орша: чыноўнікі супраць гістарычнай спадчыны

Агульнавядома, што Орша, як ніводны з гарадоў Беларусі, вылучылася варварскім знішчэннем сваіх архітэктурных помнікаў даўніны ў савецкі час. Але не надта многія ведаюць, што традыцыі савецкага чынавенства перыядычна знішчаць архітэктурныя помнікі даўніны ў Воршы жывуць і перамагаюць сёння.
Будынак па вул. Мінская, 17. Орша. Фота Юркі Аршыцы

За прыкладамі хадзіць далёка не трэба. Адным з першых заўважных крокаў новага аршанскага граданачальніка Валерыя Шабадалава ў 2004 годзе стала разбурэнне афіцыны езуіцкага манастыра – помніка XVII-XVIII ст.ст. У 2006 г. пад бульдозеры пайшлі будынкі прывакзальнай гасцініцы канца ХІХ ст. і чыгуначнай школы 1905 г. пабудовы.

Будынак па вул. Мінская, 19. Орша. Фота Юркі Аршыцы

Цяпер ахвярай сталася гістарычная забудова вуліцы Мінскай у самым цэнтры горада. Яшчэ ў чэрвені камунальнаму прадпрыемству “Орион” было дадзена распараджэнне падрыхтаваць сілы і сродкі для разборкі двухпавярховых будынкаў па Мінскай – дамоў №№ 17 і 19. Абодва дамы – пабудовы ХVIII-ХІХ ст.ст. – стаялі пад аховай да 2004 г. Але пры складанні новага дзяржспісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Оршы сталіся выкрэсленымі ў гарвыканкаме, дзе, як вядома, працуюць самыя вялікія знаўцы ў галіне архітэктуры і гісторыі.

Да таго ж, быўшы афіцыйна яшчэ ў стане ахоўваемых дзяржавай аб’ектаў, гэтыя дамы гарадскімі прадстаўнікамі гэтай самай дзяржавы былі пакінуты без нагляду і за некалькі гадоў даведзеныя да стану крушняў. Напярэдадні “Дажынак” Шабадалаў вырашыў ад іх проста пазбавіцца, матывуючы гэта тым, што дамы выстаўляліся на аукцыён, ды ніхто іх не набыў (за кожны з іх гарвыканкам ламіў па 160 млн. рублёў). Грошай на іх рамонт і аднаўленне няма, прасцей знесці. Публікаваць жа зварот да аршанцаў у сваёй “Аршанскай газеце”, складзены ініцыятыўнай групай неабыякавых аршанцаў і нібыта ўхвалены намеснікам старшыні гарвыканкама Мікалаем Саксонавым на сустрэчы з ініцыятарамі звароту, кіраўніцтва гарадской адміністрацыі так і не рашылася. У тым так і неапублікаваным звароце ўсе, неабыякавыя да лёсу гістарычнай спадчыны горада аршанцы, заклікаліся дапамагчы набыць ва ўласнасць прыватным чынам аддадзеныя пад знос дамы.

24 жніўня на пасяджэнні выканкама было прынята рашэнне “Аб дазволе будаўніча-мантажных работ па аб’екту “Разборка будынка па вуліцы Мінская, 19”. Аналагічнае рашэнне рыхтавалася і па будынку № 17. Каб падстрахавацца на выпадак пратэстаў гараджан, выканкам яшчэ раней запрасіў спецыялістаў з катэдры архітэктуры Полацкага дзяржуніверсітэта, якія абследвалі абодва будынка і далі тое заключэнне, якое ад іх чакаў заказчык: канструкцыі дамоў маюць 100% знос, і таму ніякаму рамонту і аднаўленню не падлягаюць.

Аднак на гэты раз гэтак проста знесці пад “Дажынкі” частку гістарычнае забудовы не ўдалося – узняўся скандал. Пайшлі праверкі ды непажаданы розгалас у розных “забугорных” медыях. І 1 лістапада Аршанскі гарвыканкам прымае новае рашэнне – аб адмене свайго рашэння ад 24 жніўня наконт зносу гістарычнага будынка і выстаўленне яго на аукцыён 6 снежня. На аўкцыёне з першага выстаўлення на продаж дом № 17 быў прададзены. Цяпер чакаецца выстаўленне на ауцыён дома № 19.

А тым часам Міністэрства культуры надта зацікавілася становішчам з аховай архітэктурна-гістарычных помнікаў у Воршы, і ў студзені сюды збіраецца прыехаць камісія Дзяржкамітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны мінкульта. Тым больш, што на тэрыторыі Куцеінскага манастыра ў чэрвені ў парушэнне заканадаўства была знесена частка кляштарнага корпуса ХVII-XVIII стст., якая афіцыйна ўключана ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і стаіць пад аховай дзяржавы.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ