Хакейная каманда прэзідэнта сустрэнецца з дружынай Віцебшчыны

У мінскім Палацы спорту 8 снежня хакейная каманда прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі сустрэнецца з дружынай Віцебскай вобласці. Гэта будзе наступны матч у межах Першых рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматарскіх каманд на прызы “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба”.

Папярэдні матч гэтага турніра прайшоў у мінулую нядзелю, 25 лістапада. Каманда кіраўніка дзяржавы разграміла тады дружыну Магілёўскай вобласці з лікам 17:7. Лепшым гульцом, а таксама снайперам і бамбардзірам у складзе прэзідэнцкай каманды стаў, натуральна, Аляксандр Лукашэнка. Ён закінуў 5 шайб і зрабіў 3 галявыя перадачы. Адметна, што на ягоным ліку два першых і два апошніх гола ўласнай дружыны. А вось у камандзе Магілёўскай вобласці лепшым гульцом сустрэчы прызнаны начальнік магілёўскай папраўчай калоніі №15 Вячаслаў Сядоў. «В хоккей играют настоящие мужчины!» Яны табе і краінай кіруюць, і злачынцаў выхоўваюць ды ахоўваюць...

Першыя рэспубліканскія спаборніцтвы сярод аматарскіх каманд на прызы “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба” пачаліся 3 лістапада і скончацца ў красавіку 2008 года. Як паведамляе БелТА, каманда прэзідэнта перамагла ў трох матчах і з’ўляецца лідэрам. Па адной перамозе атрымалі дружыны Гомельскай, Гродненскай і Мінскай абласцей. Каманды Віцебскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей ачкоў пакуль не набралі. Па выніках першага этапу сбарніцтваў чатыры лепшыя каманды працягнуць барацьбу ў плей-оф. Яго фінал прызначаны на 20 красавіка.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ