Віцебскае тэлебачанне паказала Мілінкевіча дробным планам

Дзяржаўная тэлерадыёкампанія “Віцебск” паказала экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Канешне, не такім буйным планам, як “Радыё Свабода”, але ўсё ж такі... Хаця разгледзіць палітыка магло толькі спрактыкаванае вока чалавека, які добра ведае, хто такі Мілінкевіч і як ён выглядае. Дый тое, калі гэты тэлеглядач пільна ўглядаўся ў экран і знаходзіўся перед самым тэлевізарам. А звычайным людзям, якія ніколі ў вочы не бачылі экс-кандыдата і нічога пра яго не чулі, гэты рэпартаж падаўся самым шэраговым.

Мілінкевіч ў тэлекадры стаяў побач з сярэбраным прызёрам Алімпіяды-80 па грэка-рымскай барацьбе Ігарам Каныгіным. У адным шэрагу з імі знаходзіліся знакамітыя трэнеры, суддзі, спартыўныя чыноўнікі, у тым ліку з аблвыканкама. Як прызнаўся сам І.Каныгін, некаторыя з іх былі вельмі шакіраваны такім неспадзяваным суседствам.

Як мне здаецца, аператар ТРК “Віцебск” мог абсалютна не ведаць, што за асоба стаіць сярод астатняга начальства. Тым больш гэтыя дзядзькі - вельмі падобныя адзін на аднаго: амаль усе ў гальштуках ды строгіх піджаках. Мілінкевіч ну нічым з гэтага шэрагу не вылучаўся.

Але тое, што апазіцыйны палітык раз у стагоддзе трапіў у тэлеэфір, хай сабе і на правінцыйным канале, зусім ні аб чым не гаворыць. Буйных планаў на ТБ наша апазіцыя, пэўна, ніколі не дачакаецца. Так і застанецца вядомай у вузкім коле.

Нагадаем, што напярэдадні А.Мілінкевіч прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця міжнароднага юнацкага турніра па грэка-рымскай барацьбе на прызы І.Каныгіна.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ