Уладзімір Арлоў прэзентаваў віцябчанам кнігу «Імёны Свабоды»

Уладзімір Арлоў падпісывае свае кнігі. Фота Сержука СераброУ Віцебску вечарам 5 кастрычніка адбылася прэзентацыя новай кнігі «Імёны Свабоды» вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова. На сустрэчу, арганізаваную абласной радай грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны», прыйшлі студэнты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – віцебскія літаратары, настаўнікі, супрацоўнікі драмтэатра, а таксама актывісты дэмакратычных партый.

Як напісана ў анатацыі да выдання, «Імёны Свабоды» – гэта 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII-XXI стагоддзяў. Кніга можа служыць дапаможнікам для напісання раманаў, здымання фільмаў, абароны дысертацый, змены назваў плошчаў і г.д.”. Кніга выдадзена беларускай рэдакцыяй «Радыё Свабода».

У.Арлоў адзначыў, што ідэя стварэння кнігі нарадзілася ад яго “глыбокай нязгоды з той даволі паспяхова ўкаранёнай у свядомасць беларусаў думкі, што наш народ вельмі талерантны, цярплівы, пакорлівы аж да нейкай санлівасці і апатыі, што наш народ ледзь не з удзячнасцю напрацягу стагоддзяў прымаў любую ўладу, што наш народ ня здольны да змагання”. Пісьменнік лічыць, што гэтая кніга абвяргае “міф, што незалежнасць на Беларусь звалілася з неба, што беларусы яе не праглі, не змагаліся за яе, і таму яны не ведаюць, што з ёй рабіць”.

“Героямі кнігі сталі як вядомыя асобы, чые імёны ўжо трапілі ў энцыклапедыі, так і тыя, хто быў вядомы хіба ў вузкім коле сваіх родных, сяброў, аднадумцаў. Храналагічна яна пачынаецца з тых часоў, калі нашы продкі пачалі змаганне за свабоду і незалежнасць нашай зямлі. Першыя героі гэтай кнігі змагаліся яшчэ за суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага, за аднаўленне Рэчы Паспалітай пасля яе падзелаў у канцы XVIII стагоддзя і пасля акупацыі беларускіх земляў Расіяй. Гэтае змаганне, як сведчыць наша гісторыя, трывала цягам некалькіх стагоддзяў, яно магло прытухаць, але потым зноў выбухала паўстаннямі, набірала новую моц. Ёсць у кнізе і партрэты нашых сучаснікаў, якія змагаліся за свабоду, пакутвалі за яе, цярпелі, часам гінулі. А галоўным крытэрам адбору герояў для гэтай кнігі, якая магла быць, безумоўна, у дзясяткі разоў большай і нават шматтомнай, быў наступны: сюды трапілі людзі, якія прайшлі праз мой лёс і паўплывалі асабіста на мяне. З кімсьці я быў добра знаёмы, з кімсьці сустракаўся раз ці два, але гэтых адзінкавых сустрэч хапіла на ўсё жыццё, з кімсьці час развёў мяне ў стагоддзях, але яны таксама паўплывалі на мяне сваёй мужнасцю, ідэямі, сваім жыццёвым шляхам. У кнігу ўвайшлі аповяды пра тых, каго ўжо няма сярод нас, чыя зямная дарога завяршылася. Гэта мне часам даводзіцца тлумачыць, бо ўжо былі абураныя тэлефонныя званкі, чаму ў кнізе няма Зянона Пазняка ці Станіслава Шушкевіча. Дай ім Бог яшчэ доўгага жыцця, каб яны не траплялі пад гэтыя крытэрыі”, – распавёў Уладзімір Арлоў прыхільнікам свайго таленту.

Аўтар пабудаваў свой выступ як своеасаблівае падарожжа па старонках кнігі: зачытаў асобныя главы, прысвечаныя людзям, лёс якіх быў звязаны з Віцебшчынай. Сярод іх адзін з заснальнікаў БНР Вацлаў Ластоўскі, мастак Язэп Драздовіч, заснавальнік беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, пісьменнікі Арцём Вярыга-Дарэўскі, Ян Баршчэўскі, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, а таксама нашыя сучаснікі – паэт і выкладчык Анатоль Канапелька, акцёры Стэфанія Станюта, Алесь Лабанок, віцебскі інжынер-рацыяналізатар, якога больш ведалі як грамадскага дзеяча і старшыню абласной арганізацыі КХП БНФ, Уладзімір Плешчанка. Дарэчы, на прэзентацыю прыйшлі жонка У.Плешчанкі Яўгенія і ягоная дачка Наталля, а таксама жонка А.Канапелькі Святлана.

Кніга пачынаецца з партрэта аднаго з першых беларускіх палітыкаў – Тадэвуша Рэйтана. А заканчваецца ўспамінамі пра Аўгінню Дзянісаву – бабулю У.Арлова, якая стала ягонай першай настаўніцай роднай мовы і гісторыі. Пісьменнік узгадавае, што бабуля любіла пакпіць, калі па радыё абяцалі “дагнаць і перагнаць Амерыку”. “Канешне ж, – казала яна, – дагонім, босымі бегчы лягчэй”.

Літаратар падзяліўся з чытачамі некаторымі абставінамі свайго лёсу. 10 гадоў таму Арлова звольнілі з пасады галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» з фармуліроўкай у загадзе: “Уволен за выпуск исторической и другой сомнительной литературы». “З таго часу ўжо дзесяць гадоў я займаюся стварэннем гэтай самай “гістарычнай і сумнеўнай літаратуры”. І бываю ўдзячны ўладзе, калі яна мне не перашкаджае, а дапамогі ад яе я не чакаю”, – прызнаўся ён.

Да прыезду ў Віцебск пісьменнік прэзентваў сваю кнігу ў Полацку, Наваполацку і пасёлку Росіца Верхнядзвінскага раёну. Па ягоных словах, сустрэчу ў Росіцы арганізавалі ў мясцовым храме.

У вось у Віцебску сустрэча прайшла не так, як раней, калі Арлова запрашалі ў вялікія залы – у абласную бібліятэку ці ўніверсітэт. На гэты раз яе арганізавалі на ўскрайку горада, у індустрыяльным раёне, у невялікім памяшканні, якое арэндуюць мясцовыя камуністы. Многія з запрошаных былі тут упершыню і з цяжкасцю знайшлі гэты адрас. У.Арлоў вымушаны быў выступаць пад партрэтам Леніна, а побач з ім на стале стаяў чырвоны сцяг з сярпом і молатам. Тым не менш пісьменнік падзякаваў усіх, хто прыйшоў на сустрэчу з ім, і пажартаваў, што яму даўно не даводзілася выступаць у такім “інтэр’еры”.

У бліжэйшы час Уладзімір Арлоў мае намер наведаць усе мясціны, з якіх паходзяць людзі, чые імёны ён лічыць “імёнамі Свабоды”. Наступныя прэзентацыі ягонай кнігі пройдуць на Гарадзеншчыне, а потым ён зноў мяркуе прыехаць на Віцебшчыну, у Шаркаўшчынскі раён.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ