“Лялька” адкрые сезон у стыле Ўсхода

Беларускі тэатр “Лялька” 30 верасня адкрывае новы, 22-гі тэатральны сезон спектаклем “Аладзін” па п’есе Ніны Гернет у пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віктара Клімчука. Перад спектаклем маленькія гледачы апынуцца на казачным Усходзе, акцёры тэатра прапануюць им театралізавана-забаўляльную праграму з удзелам Султана і Шахеразады. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакае сюрпрыз - глядзельная зала з новымі крэсламі, адрэмантаваная сцэна.
Як расказала на сённяшняй прэс-канферэнцыі дырэктар тэатра Ларыса Чупахіна, у гэтым месяцы “Лялька” удзельнічала ў III Міжнародным фестывале тэатраў лялек “Сярэбраны асётр” у Валгаградзе. Калектыў прывёз адтуль дыплом і медаль за спектакль “Чароўная зброя Кэндзо” па матывах японскага фальклору ў пастаноўцы Віктара Клімчука. Спектакль віцебскага тэатра зрабіў вялікае ўражанне на ўдзельнікаў валгаградскага фестываля (конкурс там адсутнічаў), сярод якіх былі прадстаўнікі лялечных труп і вядомыя тэатральныя крытыкі з Расіі, Украіны, Малдовы, Румыніі, Дагестана. Асабліва ўразілі дэкарацыі да спектакля мастака “Лялькі” Ганны Сідаравай, кожную іх смену сустракалі апладысментамі. Высока ацанілі крытыкі работу акцёраў, занятых у спектаклі, а выканаўцы галоўнай ролі Ганне Сцепанец (Юкіко) апладыравала цэлая зала.
У гэтым сезоне будуць прыняты да пастаноўкі два новых спектакля – гэта “Цвецік-семіцвецік” па В. Катаеву і “Снежны чалавек”, які паставіць украінскі рэжысёр Сяргей Брыжань. У кастрычніку “Чароўную зброю Кэндзо” убачыць польскі глядач, а ў мае 2008 г. тэатр запрошаны на фестываль у Субоціцу (Сербія). У планах тэатра вялікая работа па абслугоўванні сельскага гледача. Калектыў плануе шматлікія паездкі з гастролямі па раёнах, але гэта работа можа быць спыненая таму, што транспарт у тэатра знаходзіцца ў аварыйным стане, даводзіцца рэмантаваць яго сваімі сіламі...
Беларускі тэатр “Лялька” з Віцебска ведаюць у многіх краінах. Больш чым за 20 гадоў існавання ў тэатры склаўся дружны калектыў, акцёры і рэжысёр у рабоце добра разумеюць адзін аднаго. Віцебскі тэатр, які за высокія дасягненні ў мастацтве носіць званне “Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь”, працягвае праслаўляць наш край сродкамі мастацтва.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ