Больш за 6000 злотых гурту з Наваполацка

Як паведамлялі "Народныя навіны Віцебска", наваполацкі гурт "Фляўс і Кляйн" стаўся пераможцам конкурснай часткі фэстывалю "Басовішча-2007", які адбыўся 19-21 ліпеня ў г. Гарадок (Польшча).Пераможца атрымаў адмысловы прыз ад незалежнага беларускага тэлебачаньня "БелСат" - статуэтку і грашовую ўзнагароду ў 5000 польскіх злотых, прыз ад Польскага Радыё для замежжа - 1360 польскіх злотых і 20 гадзінаў запісу з гукарэжысэрам на студыі "Рэмбрант" ад Радыё "Беласток".

Ляўрэатам другой ступені "Басовішча" стаў гурт зь Менску "SOK". Музыкі атрымалі магчымасьць 40 гадзінаў запісу без гукарэжысэра на студыі Apollo Records, грашовую ўзнагароду ад тыднёвіку беларусаў Польшчы "Ніва" - 1200 польскіх злотых і 1800 ад "Беларускай асацыяцыі студэнтаў" ("БАС", арганізатараў фэсту).

Зусім новы фолькавы гурт "Unia" вярнуўся ў Менск з падарункам у 1000 злотых ад войта Гарадоцкай гміны і адмысловым прызам беларускага Радыё "Рацыя" - 1100 польскіх злотых. Акрамя таго "Unia" атрымала ад "Рацыі" гарачую падтрымку і прамоцыю на сайце і гадавую ратацыю ў этэры радыё.

Усе тры пераможцы "Басовішча-2007" атрымаюць прадукцыю кліпаў ад тэлевізіі "БелСат".

Фэстываль музыкі маладой Беларусі "Басовішча" штогод праходзіць у ліпені каля г. Гарадок на Беласточчыне (Польшча). БАСы зьяўляюцца найбуйнейшым і найпрэстыжнейшым фэстывалем беларускай ррок-музыкі. Традыцыйным для фэсту зьяўляецца конкурс маладых беларускіх гуртоў. Лепшыя зь іх атрымаюць каштоўныя прызы, у тым ліку магчымасьць бясплатнага запісу ўласнага альбому на студыі ў Польшчы.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ