У Віцебскай абласной філармоніі ўсталёўваюць арган

У Віцебскай абласной філармоніі спецыялісты фірмы “Глаттер-Гетц” з Германіі пачалі зборку аргана, які нядаўна даставілі да нас з нямецкага горада Авінгеме. Інструмент важыць ажно 3 тоны (пры гэтым па музычных мерках ён лічыцца сярэднім), у ім 3 тысячы труб і 36 рэгістраў. Значная частка дэталяў аргана зроблена нямецкімі адмыслоўцамі ўручную, а чаравалі яны над ім амаль год.

Філармонія адмыслова ўвяла ў штат настройшчыка аргана. Але ён непрафесіянал, бо такіх спецыялістаў увогуле не рыхтуюць у краінах СНД, і пакуль для віцебскага аргана запрасілі настройшчыка з Францыі. Нанятага ж у штат настройшчыка будуць вучыць прафесіі на фірме “Глаттер-Гетц” з Германіі.

Унікальны інструмент набыты пры фінансавай дапамозе Віцебскага аблвыканкама, а каштуе ён нямала – амаль 800 тысяч еўра. Мясцовае тэлебачанне збіраецца зняць дакументальны фільм пра тое, як усталёўваецца арган у філармоніі. Чакаецца, што яго мантаж і настройку завершаць  да пачатку ліпеня – да адкрыцця “Славянскага базару”. 

Абласная філармонія стане першай сярод абласных канцэртных устаноў, дзе будзе ўсталяваны гэты духавы інструмент. Дасюль віцебчане мелі магчымасць слухаць толькі электронны арган у касцёле Святой Варвары.

Арган таксама ёсць у Сафійскім саборы ў Полацку. Прычым палачане мяркуюць, што віцебскі арган не створыць канкурэнцыі іхняму. Як лічыць загадчыца канцэртным аддзелам Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Лілія Емельянава, у Сафійцы асаблівая, непаўторная аўра, і тут гучыць “экалагічна чыстая музыка”. З гэтым можна пагадзіцца: куды ўжо нашай філармоніі, да якой нават У.Ленін павярнуўся спіной, да намоленага стагоддзямі Сафійскага сабора!

Меткі: ,

Чытайце яшчэ