У Полацку праходзіць грамадскае абмеркаванне з нагоды вызначэння месца, дзе будзе ўсталяваны помнік князю Усяславу Чарадзею

Яно было аб’яўлена праз мясцовыя СМІ прыкладна тыдзень таму і працягнецца да 15 траўня. Затым ўсе прапановы абагульніць спецыяльна створаная камісія, і будзе прынята канчатковае рашэнне. Удзельнічаць у абмеркаванні могуць не толькі палачане, але і жыхары іншых гарадоў. Сваё меркаванне можна выказаць, звярнуўшыся ў аддзел ідэалагічнай працы Полацкага гарвыканкама. Ці напісаць ліст, які патрэбна змясціць у адмысловую скрыню, што знаходзіцца побач з будынкам гарвыканкама.  Неабходнасць у грамадскім абмеркаванні гэтага пытання ўзнікла, бо існуюць самыя розныя думкі, дзе павінен знаходзіцца помнік.

Да прыкладу, прапаноўваліся такія варыянты: каля Сафійскага сабора (нагадаем, што ён быў пабудаваны падчас праўлення Усяслава Брачыслававіча), на валу Івана Жахлівага, каля Свята-Пакроўскага храма, побач з Домам афіцэраў, на перакрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Еўфрасінні Полацкай, у дворыку музея кнігадрукавання і інш.

«Полацк вядомы тым, што тут вельмі шмат помнікаў. Існуе нават меркаванне, што ў нашым горадзе іх болей, чым у сталіцы. Таму хочацца, каб помнік такому вядому дзеячу як Усяслаў Чарадзей знаходзіўся ў падыходзячым месцы – з гістарычнай, архітэктурнай і тэрытарыяльнай кропак гледжання. Важна таксама, каб гэта месца было шматлюдным, каб манумент змаглі ўбачыць як мага болей гасцей і жыхароў Полацка”, – лічыць галоўны спецыяліст па абаронна-мабілізацыйных пытаннях Полацкага гарвыканкама, намеснік старшыні аргкамітэта па ўсталяванні помніка Станіслаў Красоўскі.

Паводле ягоных словаў, на стварэнне манумента патрэбна прыкладна 300 мільёнаў рублёў. З іх каля 200  мільёнаў рублёў пойдзе на ліццё і аплату бронзы. Праца скульптараў, згодна каштарыса выдаткаў, зацверджанага рэспубліканскай радай па  манументальнаму мастацтву, абыйдзецца ў 100 мільёнаў рублёў. «З патрэбнай сумы на цяперашні момант  толькі фізічнымі асобамі сабрана каля 120 мільёнаў рублёў. У Полацку для гэтага прайшоў тэлемарафон – акцыя па збору сродкаў. Зараз збор грошай для будаўніцтва помніка працягваецца», – сказаў спецыяліст.

Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё коннага помніка таленавітаму дзяржаўнаму дзеячу і палкаводцу, які ўзначальваў Полацкае княства з 1044 г. па 1101 г., і пры якім яно дасягнула найвышэйшага росквіту і магутнасці, адбудзецца сёлета ў верасні. На жаль, да 1145-гадовага юбілею Полацка, што будзе адзначацца ў апошнюю суботу траўня, усталяваць манумент не паспеюць. Але цешыць, што князь-легенда вернецца ў родны горад, як і падабае ваяру, – на кані. Нагадаем, што аўтарам помніка з’яўляецца мінскі скульптар Аляксандр Прохараў.  

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ