Віцебск трапіў на рэспубліканскую Дошку гонару

У Мінску 1 траўня адкрылася абноўленая Дошка гонару. На яе занесены вобласці, раёны, гарады, раёны ў гарадах, прадпрыемствы Беларусі, якія дамагліся выканання асноўных паказчыкаў сацыянальна-эканамічнага развіцця. Віцебск трапіў на другое месца ў “намінацыі” сярод гарадоў і падзяліў яго з Гродна. Лепшым жа горадам краіны па выніках 2006 г. стаў Мозыр, а на трэцім месцы – Завадскі раён Мінска. 

На галоўную Дошку гонару дзяржавы занесены таксама некалькі прадпрыемстваў нашага рэгіёна: Пастаўскі мэблевы цэнтр, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат і Віцебскі філіял РУП “Белтэлекам”.

Цікава, што частка месца на дошцы засталася вольнай. Па словах міністра эканомікі Беларусі Мікалая Зайчанкі, гэта абумоўлена жорсткімі ўмовамі адбору. Нездарма ж дошка мае такую назву, таму прадпрыемствы паміж сабой спаборнічаюць за права туды трапіць. Пры гэтым міністр адзначыў, што “і ў капіталістычных краінах элемент спаборніцтва прысутнічае ў ярка выражаным выглядзе. Напрыклад, у Японіі”.

Нялёгка, канешне, спрачацца з такім дасведчаным чалавекам, як міністр эканомікі, але ж вельмі цяжка ўявіць, што ў цэнтры Токіо знаходзіцца падобная дошка...

Меткі: ,

Чытайце яшчэ