Трагедыя і свята знаходзіліся побач

У жалобнай акцыі, якую сёння правёў Барыс Хамайда, варта адзначыць адзін адметны момант. Апазіцыянер падчас сваёй акцыі стаяў спіной да вітрыны крамы “Веста”. І якраз у той час, калі ён біў у жалобны звон па ахвярах Чарнобыля, служачыя крамы вывешвалі за шклом плакат са словамі «Віншуем са святам!». Было бачна, што яны вельмі імкнуліся прыгожа аздобіць вітрыну: старанна драпіравалі чырвоную тканіну, папраўлялі плакат...

Няцяжка здагадацца, что гэты “дэкор” прымеркаваны да набліжаючагася дзяржаўнага Свята працы, што адзначаецца 1 траўня. Канешне ж, у думках супрацоўнікаў крамы не было нічога дрэннага. Але ж віншавальны плакат і жалобны звон для старонніх назіральнікаў выглядалі жахлівым дысанансам. Калі не сказаць – здзекам... Адна дзяўчына прайшла міма, тады вярнулася і сфатаграфавала гэта на мабільнік. У сучасных беларускіх рэаліях часта суседнічаюць катастрофы і святы, трагедыі і ўрачыстасці.

Яшчэ да затрымання Барыс Хамайда так патлумачыў сэнс сваёй акцыі: «Я хачу нагадаць людзям, што Чарнобыль ёсць і сёння, нягледзячы на тое, што прайшоў 21 год. Тым больш, што зараз гавораць аб будаўніцтве новай АЭС, у нас – у Беларусі, хоць мы яшчэ не ліквідавалі наступствы той катастрофы».

У гэты ж дзень над затрыманым адбыўся суд. Ягоны вырак за невядома якую правіну – двое сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ