Віцебскія камунальшчыкі просяць гараджан… не завінчваць пластыкавыя бутэлькі

Віцебскія камунальшчыкі просяць гараджан не выкідваць у смеццеправоды, бакі і ўрны пластыкавыя бутэлькі з завінчанымі пробкамі. Яны тлумачаць гэта тым, што пры пагрузцы ў смеццевоз адкрытыя поліэтыленавыя бутэлькі можна спрэсаваць з дапамогай спецыяльнага абсталявання. Гэта значна памяншае аб’ём адкідаў, і за адзін рэйс машыны можна вывезці значна болей смецця. У выніку эканоміцца паліва і больш эфектыўна выкарыстоўваецца тэхніка па адвозу цвёрдых бытавых адкідаў.

Між іншым, з 15 сакавіка па 1 траўня ў Віцебску праводзіцца месячнік (а дакладней, палутарамесячнік) па добраўпарадкаванні і азеляненні горада. Улады плануюць навесці руплівую і шчыльную ўборку абласнога цэнтра пасля зімы, азеляніць вуліцы, скверы і двары. Гарвыканкам звярнуўся да жыхароў, калектываў усіх прадпрыемстваў, а таксама студэнтаў ды школьнікаў дапамагчы ў гэтай бруднай, але патрэбнай справе.   

Меткі: ,

Чытайце яшчэ