Наваполацкія рыцары зняліся яшчэ ў адным фільме

Сябры наваполацкага клуба гiстарычнай рэканструкцыi “Жалезны воўк” узялi ўдзел у здымках кiнафiльма “Вока за вока”. Яго здымае на студыi “Беларусьфiльм” расiйскi рэжысёр Генадзь Палока. Ён стаў вядомым пасля пастановак фiльмаў “Рэспублiка ШКIД” i “Iнтэрвенцыя” ў 60-я гады мiнулага стагоддзя.

У стужцы “Вока за вока” Генадзь Палока зноў вяртаецца да гiстарычных падзей Кастрычнiцкага перавароту i грамадзянскай вайны на прасторах былой Расiйскай iмперыi. Сюжэт фiльма разгортваецца ў адным з буйных беларускiх гарадоў падчас чырвонага тэрору i масавых арыштаў. У гэты час многiм людзям даводзiцца рабiць выбар: заставацца пры ўласных поглядах i рызыкаваць пры гэтым жыццём, альбо пайсцi на супрацоўнiцтва з бальшавiкамi.

Галоўныя ролi ў фiльме выконваюць вядомыя беларускiя акцёры Уладзiмiр Гасцюхiн, Расцiслаў Янкоўскi, Генадзь Гарбук i iх расiйскiя калегi. Сябры клуба гiстарычнай рэканструкцыi “Жалезны воўк” заняты ў эпiзодах. Для гэтага яны падрыхтавалi касцюмы афiцэраў расiйскай “белай” армii.

Гэта далёка не першы досвед новапалачан у кiно. У мiнулым годзе сябры “Жалезнага воўка” бралi ўдзел у здымках яшчэ двух мастацкiх фiльмаў, якiя былi прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны — “Ворагi” беларускага рэжысёра Марыi Можар “Пайсцi i не вярнуцца” па аднайменнай аповесцi Васiля Быкава расiянкi Вольгi Жулiнай.

Дарэчы, раней “Жалезны воўк” быў вядомы як рыцарскi клуб. Але зараз яго ўдзельнiкi робяць гiстарычныя строi не толькi сярэднявечча, але i больш блiзкiх да сучаснасцi гiстарычных эпох.

Крыніца: “Народная воля”

Чытайце яшчэ