Віцябчане змогуць убачыць карціны з калекцыі шведскага караля

У Віцебску ў музеі Марка Шагала з 6 па 25 лютага праходзіць выстава сучаснага шведскага мастацтва «Праз традыцыю ў будучыню». Большая частка твораў, прадстаўленых тут, належыць да калекцыі графікі шведскага манарха – вялікага аматара мастацтва.

Гэта працы 16 аўтараў у розных мастацкіх тэхніках, у тым ліку і камп’ютарныя інсталяцыі, выкананыя імі за перыяд з 1980 па 2005 гады. У экспазіцыі, у прыватнасці, паказана творчасць такіх мастакоў, як Філіп фон Шантц (пры жыцці ён быў дырэктарам Інстытута выяўленчых мастацтваў пры Каралеўскім універсітэце Стакгольма), Оса Андэрсан, Хокан Берг, Эліна Друкер, Ула Фрыс, Фрэдрык Лінквіст, Брыта Веглін.

Віцебск стаў другім беларускім горадам, дзе можна пазнаёміцца з сучасным мастацтвам Швецыі. Да нас каралеўскія карціны прыехалі пасля выставы ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, што праходзіла восенню мінулага года. Выстава  ў нашым горадзе арганізавана пры падтрымцы  аддзялення амбасады Швецыі ў Мінску, Шведскага інстытута, а таксама пры садзейнічанні музея Марка Шагала і аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама. 

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ