У выдавецтве „Беларусь” выйшаў альбом „Полацак музэйны”

22 сьнежня ў Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня адбылася прэзэнтацыя альбому „Полацак музэйны”, які пабачыў сьвет у менскім выдавецтве „Беларусь”. Вялікафарматная кніга распавядае пра 11 музэяў гораду. У мерапрыемстве ўзяў удзел дырэктар выдавецтва „Беларусь” Аляксандар Сталяроў.

Ідэя выданьня альбому належыць сэнатару, дырэктару Полацкага гісторыка-культурнага музэя-запаведніка, Мікалаю Ільніцкаму, які нядаўна пайшоў з жыцьця. Ён таксама паспрыяў у адшуканьні сродкаў на рэалізацыю праекту. Пра гэта неаднойчы з удзячнасьцю згадвалася на прэзэтацыі.

Самы цікавы разьдзел кнігі прысьвечаны Полацкай мастацкай галерэі, якая адкрылася ў 2002 годзе ў адным з карпусоў былой езуіцкай акадэміі. Полацкім музэйшчыкам удалося сабраць адну з самых цікавых у Беларусі калекцыяў выяўленчага мастацтва другой паловы XX стагодзьдзя. Галерэя таксама славіцца зборам іконаў полацкай мастацкай школы, якія непадобны ні на якія іншыя тагачасныя.

Сталяроў у сваім выступе распавёў пра тое, як нялёгка было давесьці гэты кніжны праект да канца, бо ўзьнікалі ўсё новыя і новыя перашкоды, і пра тое, як цяжка беларускім кнігавытворцам змагацца з засільлем расейскай кнігі на беларускім рынку.

Зь ягоных словаў можна зрабіць выснову, што беларускія кнігавыдаўцы атрымалі загад выцясьніць расейскіх канкурэнтаў у краіне. А менавіта кнігі пра старажытны Полацак карыстаюцца стабільна высокім попытам у беларускага чытача. Напрыклад, кніга Уладзімера Арлова „Таямніцы полацкай гісторыі” вытрымала чатыры перавыданьні.

Выдавецтва „Беларусь” мяркуе выдаць яшчэ некалькі кнігаў пра родны горад першадрукара Францішка Скарыны.

Крыніца: “Радыё Рацыя”.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ