Як У.Андрэйчанка вярнуў вяскоўцам дарагі іх сэрцу трактар
Жыхары Багушэўска, што недалёка ад Віцебска, надта ўдзячны губернатару вобласці за тое, што ён дапамог вярнуць у пасёлак трактар-рэліквію.
Гісторыя трактара, які быў зроблены Харкаўскім заводам аж у 1932, доўгая і пакручастая. Да вайны, з 1936 года, ён належыў Багушэўскаму племгасу. Затым, падчас эвакуацыі, трапіў... у Сібір. У 46-ым працаўніка палёў зноў вярнулі на радзіму – у Багушэўск. Але пасля чамусьці перакінулі ў Лёзненскі раён.
Калі трактар састарэў, яго перадалі, як рэліквію, у музей ВДНГ у Мінск. У 1977 годзе там пабываў тагачасны інжынер саўгаса “Багушэўск” Васіль Шман і папрасіў кіраўніцтва музею аддаць яго назад. Тое пайшло насустрач, тым больш што дакументы на трактар дзіўным чынам у саўгасе захаваліся. У выніку “харкаўчанін” быў урачыста ўсталяваны на пастамент каля канторы гаспадаркі. Там ён прастаяў да верасня мінулага года. Ды чыноўнікам узбрыло палічыць яго безгаспадарлівай маёмасць, трактар сарвалі з пастаменту і павезлі ў Сянно, у райсельгастэхніку.
Апошняй надзеяй жыхароў Багушэўска стаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка. Яны напісалі яму слёзны ліст, які крануў бы каго заўгодна: “Дапамажыце вярнуць дарагі нам ХТЗ-32!” І губернатар даў рады. Па яго даручэнні мясцовыя ўлады вярнулі багушэўцам легендарны трактар. Зараз ён знаходзіцца пад наглядам (крый Божа, зноў адбяруць!). Неўзабаве яго зноў збіраюцца ўсталяваць на пачэснае месца.
Чытайце яшчэ
Каментаваць
Вы павінны увайсці каб каментаваць.