У Віцебску рэгіструюць ужо не толькі шлюбы, але і заручыны

У аддзеле ЗАГС Віцебскага гарвыканкама, нарэшце, сталі рэгістраваць заручыны (па-руску “помолвка”). А яшчэ зусім нядаўна заручынамі лічыўся ўсяго толькі дзень падачы заявы ў ЗАГС, і ўсё, ніякіх табе святочных імпрэз. Між тым гэты рамантычны і прыгожы абрад нашыя продкі шанавалі з давён часоў. Калісьці шлях да сямейнага жыцця быў доўгім: спачатку засылалі сватоў, пасля заручалі – аб’яўлялі пару жаніхом і нявестай. І толькі пасля вянчалі.

Перад заручынамі раней абавязкова трэба было атрымаць бацькоўскае дабраславенне. Па традыцыі, жаніх у гэты дзень “прасіў рукі” сваёй абранніцы ў яе бацькоў. І дарыў нявесце пярсцёнак, як правіла, залаты з каштоўнымі камянямі. Дзяўчына або прымала яго ў знак згоды, або вяртала – у знак адмовы ад замужжа. Гэты пярсцёнак звычайна насілі да вяселля на безыменным пальцы правай рукі. Але і ў замужжы яго можна было насіць разам з заручальным. Пярсцёнак, падораны на заручыны, захоўвалі і перадалі ў спадчыну дзецям ці ўнукам. На Захадзе гэта традыцыя захавалася і па сёння. Бацькі нявесты ладзяць афіцыйны прыём, дзе нечакана аб’яўляюць аб гэтай падзеі.
Заручыны пачынаюцца з прыняцця ўзаемнага рашэння ажаніцца і доўжацца да самага вяселля. Абрад не мае юрыдычнай сілы, і жаніх ці нявеста могуць у любы момант адмовіцца ад свайго намеру. Але гэта здараецца рэдка. У маладых з’яўляецца агульная справа – падрыхтоўка да сямейнага жыцця.
Першымі, для каго ў Віцебскім Палацы ўрачыстых абрадаў зладзілі заручыны, сталі віцябчане Анастасія Арашонак і Вагіф Аліеў. Афіцыйна пабрацца шлюбам яны плануюць не раней наступнай вясны. А зараз жаніх і нявеста рыхтуюцца да гэтага сур’ёзнага кроку. Віншуем!

Меткі:

Чытайце яшчэ